не, тут яны і памыліліся, бо наш начальнік, пан кадэт Біглер, а ён не такі дурань, каб падбіраць расійскія недабіткі і браць на сябе такі цяжар.
Швэйк туліў да сябе кадэта і ўсё мацней і мацней. Тымчасам расійцы скончылі нараду і пашлі далей. Швэйкавыя абнімкі аслабелі; нарэшце, ён пусьціў кадэта і лагодна, па-бацькаўску паказаўшы на доўгія трохкантовыя штыкі салдат, што адходзілі, прамовіў:
— Дык, пане кадэт, цяпер мы выратавалі адно аднаму жыцьцё. Я ня вельмі баюся, калі мяне казычуць, але мне здаецца, што каб тыя захацелі нас паказытаць вось такою цацкаю, гэта было-б ня вельмі прыемна.
Кадэт Біглер змоўчаў, бо ня ведаў, што адказаць; ён нават гатоў быў згадзіцца, што Швэйк мае рацыю. Калі цяпер тут было толькі трое расійцаў, дык іх магло быць тут куды больш: перастрэлка выклікала-б трывогу ва ўсім раёне, і нямаведама чым-бы ўсё гэта скончылася. Як можна ніжэй яны схіліліся да зямлі і накіраваліся праз поле да ўскраю лесу. Калі кадэт Біглер пачуў, што небясьпека мінула, ён, каб падтрымаць афіцэрскі гонар, накінуўся на Швэйка:
— Цяпер командую я! Я магу загадваць, што хачу, а вы павінны мае загады выконваць і трымаць язык за зубамі. Разумееце? Зразумелі?
— Так, зразумеў, пане кадэт. Буду слухацца загадаў і трымаць язык за зубамі! — пакорліва адказаў Швэйк. — Так што, пане кадэт, дазвольце запытацца, ці не хацелі-б вы зьесьці кавалачак кілбасы? Яна добрая, сухая, з часнаком.
Яны асьцярожна і паволі перасоўваліся паўз край лесу; апроч некалькіх жанчын і сялян, што працавалі ў полі, нікога ня было відаць. Па абедзе яны вышлі на дарогу, што вяла праз густы бор проста на поўнач.
Кадэт загадаў зрабіць прыпынак. Яны ляглі на траву. Кадэт разлажыў карту і пачаў вадзіць па ёй пальцам. Швэйкаў спадарожнік, якога ў гэтай экспэдыцыі цікавіла толькі тое, каб пад’есьці і добра выспацца, адразу заснуў. Швэйк азірнуў з-за кадэтавага пляча на карту і запытаўся:
— Дык, пане кадэт, дазвольце даведацца, вы ўжо знайшлі, дзе знаходзіцца наш марш-бацьяк? Кажуць, што на гэтых