Старонка:Svejk.4.pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сам знойдзе нас. Апроч таго вы яшчэ вельмі слабы, пане кадэт, а туды ня так блізка, нават калі ня лічыць таго, што старая кажа, што ўначы напэўна будзе дождж.

Кадэт пачаў вывучаць карту і ў душы згадзіўся, што Швэйк мае рацыю. Да таго-ж яму зрабілася ясна і тое, што капітан Загнэр не памыліўся, калі казаў, што расійцы ніколі-б не адступілі там, дзе іх шукалі аўстрыйцы, бо зусім немагчыма праехаць з абозам і артылерыяй праз такія лясы і балоты.

Швэйк ізноў загатаваў гарбату, а ўначы ізноў узьлез на печ, дзе пачаў уцяшаць пакінутую маладзіцу. Уся вёска спала ціхім і глыбокім сном; дождж ліў, як з вядра, і спыніўся толькі перад раніцою.

Кадэт адчуваў сябе пасьля доўгага сну моцным і дужым, і да яго вярнуўся ягоны ранейшы ваяўнічы дух. Ужо з раніцы ён пачаў крычаць на салдата, што гатаваў сьняданьне, у той час як Швэйк хадзіў з маладзіцаю ў хлеў даіць карову.

— Каб вас чорт задзёр! Як вы ізноў стаіцё, калі я з вамі гавару? Пяты, пяты пастаўце як сьлед! — крычаў ён, а пасьля сьняданьня хутка апрануўся і загадаў выступаць.

Ён разьлічыўся з старою, што пацалавала яму ў руку, і першы, разам з салдатам, вышаў з хацінкі. Тымчасам Швэйк разьвітаўся з маладзіцаю і, гладзячы яе, гаварыў:

— Ну, ну, ня плач, прыгажуня! Мы-ж не на век разьвітваемся! А потым і стары твой прыйдзе ў водпуск. Ну, а калі што здарыцца, дык я думаю, што і ў вас знойдзецца радзільны дом… Ну дык — з богам! Шчасьліва табе заставацца!

Кадэт накіраваўся проста праз сад на поўнач, дзе, як расказала старая, дарога выходзіць на шашу. Ён крочыў так хутка, што салдат і Швэйк адсталі ад яго. І тады салдат сказаў Швэйку:

— Калі ты, браток, захочаш есьці, дык толькі скажы. Я такі схапіў адну кілбасу ў старое з яе каморкі.

— Як табе ня брыдка абкрадаць такіх добрых людзей! — пачаў лаяць яго Швэйк. — Не, мне маладзіца сама дала на дарогу кавалак шынкі і бохан хлеба. Раніцою ў садку я скруціў галаву чатыром куркам і двум пеўнікам, яны ў мяне ўсе ў ранцы і я ледзь цягаю гэтую ношу. Баюся, каб яны часамі ў нас ня