Старонка:Svejk.4.pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кадэт падаўся ў бок ад вёскі, паўз якую яны ішлі ўжо з чвэрць гадзіны па дарозе. Швэйк апошні раз зірнуў на хатку, што была яму такою гасьціннаю і, раптам ахоплены наплывам успамінаў, засьпяваў:

Як анел чыстая душой,
Над рэчкаю дзяўчына плача;
Яе пакінуў любы, дарагі!
І толькі сьлёзы ёй уцехай…

Але яму здалося, што такія жаласныя словы гэтае песьні ня зусім выказваюць ягоны пачуцьці, таму ён засьпяваў іншую:

Калі пакідаў я вас сёньня,
Ужо сонейка зьзяла на гоні…
І ў сажалцы плюскала рыбка…
І я цалаваў, абдымаючы, вас
Сягоньня апошні, апошні ўжо раз…

Раптам кадэт спыніўся і, прыкрыўшы вочы рукою, як казырком, стаў узірацца ў далячыню; потым ён, як маланка, хутка кінуўся на зямлю і зашыпеў:

— Вораг! Расійцы! Кладзіся!

— Значыць, яны сапраўды тут? — зьдзівіўся Швэйк. — Значыць, яны…

А салдат, швэйкаў таварыш, пры слове «расійцы» выпусьціў карабін і падняў уверх рукі; але потым, убачыўшы, што ніякага ворага няма, ён ізноў апусьціў іх і лёг на зямлю, у той час, як кадэт закомандаваў:

— Набівай! Набівай!

Кадэт выказваў напружаньне і быў, як сьмерць бледы; ягоная рука нэрвова сьціскала рэвольвэр. Швэйк, што да гэтага часу нічога ня мог убачыць, стаў поруч з ім на калені і з цікавасьцю запытаўся:

— Дык дазвольце вас спытацца, пане кадэт, дзе-ж расійцы? Я ня ведаю нават, як яны выглядаюць, бо за ўсё сваё жыцьцё я ні разу ня бачыў расійца. А от мадзьяраў шмат даводзілася бачыць.

Кадэт моцна пацягнуў яго і той паваліўся, а сам ён выцягнуў наперад руку з набітым рэвольвэрам. І тады Швэйк убачыў расійцаў.