Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Але-ж кажуць, што наш імпэратар ня ўмее гаварыць па-чэску, — сказаў швэйкаў слухач, — што ён наогул ня ведае ні слова па-чэску.

— Гэта яму так заўсёды даводзяць, — пачаў бараніць яго Швэйк, — але ў яго добрае сэрца і па-чэску ён таксама калісьці вучыўся. Ён вельмі далікатны з дэпутатамі, калі прымае іхныя дэлегацыі. Ён у кожнага пытаецца: «А што, у Празе ёсьць яшчэ каналізацыя?» — «Як на вашу думку, ці доўга гэты год пратрымае зіма?» — «Гэта вельмі цікава, што ў вас масты вядуць з аднаго берага рэчкі на другі!» Трэба ведаць даражэнькі, што панаваць — справа не такая лёгкая, а тут яшчэ распытвайся пра каналізацыю. Няма ніякага дзіва, што чалавек часамі памыліцца. Вось з ім раз быў такі выпадак: прыехаў ён дзесьці на Мораве ў адну вёсачку недалёка ад Гэдынга і пытае ў тамтэйшата бургомістра: «Ну як, які ў вас сёлета ўраджай? Калі-б не дожджы, дык, напэўна, не такі-б быў кепскі?» А бургомістр чалавек неасьвечаны, узяў дый ляпнуў яму па-чэску: «Ваша вялікасьць, пшаніца наліваецца добра, аўсы буйныя, буракі найлепшыя, от толькі бульба — г…! Імпэратар яго не зразумеў і спытаўся ў ад’ютанта, што значыць гэтае слова. Той адказаў, што гэта просты народны выраз: калі што кепскае, хібіла, то гэта называюць «г…». А праз тыдзень яны прыехалі ў Пшэраў, і там начальнік акруговае ўправы адрэкомэндаваў імпэратару дырэктара народных школ. Імпэратару здалося дзіўным, што яго спаткала мала дзяцей, і ён запытаўся ў дырэктара, якая на гэта прычына. «Ваша вялікасьць, — пэкаючы, адказаў дырэктар, — у нас тут шмат хворых на адзёр і палова школьнікаў хварэюць на яго…» — «Ведаю, ведаю, — адказаў на гэта імпэратар, здаволена хістаючы галавою, — гэта страшэннае г…, страшэннае г…». Разумеецца, такая высокапастаўленая асоба таксама можа часамі памыліцца, але адгэтуль не вынікае, што з яго трэба сьмяяцца.


Кадэт Біглер так хутка падужэў у садку пад грушаю, што па абедзе хацеў ужо рушыць далей, але Швэйк запротэставаў:

— Дык дазвольце сказаць, пане кадэт, што гэта было-б дарэмна. Нам трэба пайсьці ўправа на станцыю, а батальён ужо