Старонка:Svejk.4.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

справы кожны раз горшыя!» Ну, а находзкі бургомістр загадаў пабудаваць трыумфальную браму, а таму што чалавек, што любіў што-небудзь асаблівае, то пачаў выдумляць надпіс на гэту браму. За два дні да ўрачыстасьці ён загадаў паклікаць мастака, замкнуў яго з пэндзалямі ў сваёй кватэры і наогул ня пускаў яго да хаты; пасьля ўдвух уначы прыбілі надпіс да брамы, захінулі яго заслонаю, каб ніхто ня мог прачытаць, і пачалі чакаць раніцы, калі павінен быў прыехаць імпэратар. Ну, імпэратар прыехаў, поліцэйскія пацягнулі вяровачку, заслона ўпала і ўсе людзі прачыталі на браме мастацка выкананы надпіс: «Хвала Ісусу хрысту! Да нас едзе Франц-Іозэф!» Імпэратару гэта вельмі падабалася, і, як бургомістр зьвярнуўся да яго з прывітаньнем, ён яму адказаў: «Вельмі я рад, што ў Находзе такі бургомістр. А што, ці ходзяць яшчэ плыты па Влтаве?» Пасьля ён паехаў далей, а бургомістр атрымаў на памятку залаты гадзіньнік, а ў тым гадзіньніку на вечку быў гравіраваны той самы надпіс, што і на браме, ды таксама ён атрымаў ордэн з каронаю «за асаблівыя паслугі». Бургомістр гэтым, вядома, вельмі ганарыўся, і таму што ён быў стары, выбралі замест яго ягонага сына. Сын яшчэ толькі першы год быў бургомістрам, як яго таксама паклікалі ў акруговую ўправу, бо яго імпэратарскай вялікасьці ізноў заманулася праехаць праз Наход, і трэба было яго адпаведным чынам спаткаць. Малады бургомістр таксама замкнуўся і пачаў прыдумляць, які надпіс зрабіць на трыумфальнай браме. Потым ён купіў палатна, сам намаляваў надпіс і ўночы прымацаваў яго да брамы, зноў завесіў заслонаю і нікому, нават бацьку, не сказаў ні слова. От прыехаў імпэратар, поліцэйскі спускае заслону, і на браме зьяўляецца надпіс: «Езус-Марыя! Да нас едзе Франц-Іозэф!» Ну, імпэратар наогул не захацеў з ім размаўляць, нават калі той сказаў прамову са шпаргалкі, якую ён прыхаваў у капялюшы. Імпэратар нават не сказаў яму, што рад, што Наход знаходзіцца ў Эўропе. Пасьля гэтага бургомістра ссадзілі і запяклі на чатыры месяцы за абразу яго вялікасьці і ўсяе імпэратарская фаміліі. Аднак і ў яго былі найлепшыя жаданьні, як і ў ягонага бацькі, але толькі ён ня скеміў, як пачаць справу і што з усяго гэтага можа