Старонка:Svejk.4.pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кадэт Біглер дастаў з кішэні грошы. Старая жвава прынесла нечаканым гасьцям хлеба і малака ды дастала вэнджанае грудзінкі, ня спускаючы вачэй з дзьвярэй.

Швэйк загатаваў моцнае гарбаты, палажыў хворага на ляжанку, што замяніла яму ложак, і накрыў кажухом старое. Кадэт, у якога разаніна ад гарачае гарбаты сьціхла, хутка заснуў.

За мясам і хлебам засталіся толькі Швэйк і ягоны таварыш; старая пасадзіла хлеб у печ і вышла, нібыта кагосьці чакала. Салдат, жуючы, сказаў Швэйку:

— Добрае мяса. Добра прасолена і звэнджана, і хоць крышку і прыпахла каля косткі, але гэта — дармо. Лепш за ўсё бывае, братка ты мой, калі мяса вэндзіць на пілавінах, і разам з ялаўцом. Тады яно як пірог робіцца, спраўдны пірог, скажу я табе.

— Ну, гэта ня вельмі падобна да пірага, але ты глядзі не аб’ешся, — адказаў яму Швэйк. — Мяса заўсёды мясам застанецца, а мяса ахвоча есьць нават кожны сабака.

У гэтую хвіліну вярнулася старая, а сьледам за ёю ўзайшла маладая, прыгожая, рослая жанчына. Старая яе адрэкомэндавала:

— Гэта мая дачка. Мужык у яе на вайне. Бачыш, — зьвярнулася яна да маладое жанчыны, — да нас завіталі госьці, нашы салдацікі, нашы паны і абаронцы. Яны гоняць маскалёў.

Маладая жанчына ўсьміхнулася, паказала моцныя белыя зубы, а Швэйк ветліва запрапанаваў ёй выпіць гарбаты.

— Калі ласка, выпіце з намі, пані. А як завуць пана? Каптан на вас прыгожа пашыты.

І ён правёў рукою па яе поўных грудзях.

Яна пачала піць гарбату і весела гутарыць са Швэйкам, рукі якога ніяк не маглі супакоіцца; ён то казытаў яе, то як старая адварочвалася, выціраў рукі аб каптан ці спадніцу жанчыны.

Таварыш быў зусім сонны, старая прынесла з сянец кажушок і зьнікла з ім у бакоўцы, кінуўшы на дачку выразны пагляд: але тая весела засьмяялася, як Швэйк ушчыпнуў яе за лытку.

Тады яна ўстала, сказала, што пара спаць і палезла на печ, куды перанесла перад гэтым з кадэтавай ляжанкі даволі брудную падушку. Швэйкаў таварыш лёг на лаве, але хутка яму здалося там вельмі цьвёрда і ён перайшоў на падлогу. Заўва-