нуў у яго з рук кудысьці ў імглістую далеч, і ён толькі цяжка ўздыхнуў:
— Ах, як мне хочацца есьці! І жывот у мяне забалеў. Я, ці ведаеце, напіўся вады, і цяпер мне трэба было-б зьесьці што-небудзь гарачае. Можа, тыя ад лясьніка хутка вернуцца.
— Ня турбуйцеся, яны ня прыйдуць, пане кадэт, — упэўнена адказаў Швэйк, — яны таксама заблудзілі. Да вечару цяпер ужо нядоўга, дык нам самым давядзецца чаго-небудзь пашукаць сабе. Нашых мы ўсяроўна сёньня ня знойдзем. Яшчэ шчасьце, пане кадэт, што вы — афіцэр і што ў вас ёсьць карта. Раніцою мы разьбярэмся, дзе можа быць наш батальён, і мы проста туды накіруемся. А цяпер я думаю, найлепш было-б пашукаць вунь ў таёй вёсцы вячэры і начлегу.
— Ідзеце, куды хочаце, — застагнаў кадэт Біглер, сударгава схапіўшыся за жывот. — Езус-Марыя, які пякельны боль! Магчыма, прышла апошняя гадзіна. Але я не магу ні ў чым паручыцца, Швэйк. У гэтай вёсцы можа здарыцца вораг!
— Ну, калі расійцаў там няма, то мы кінемся ў штыхі, а калі там расійцы, то мы адступім, — па-філёзофску заўважыў Швэйк. — Але вы-ж зусім хворы афіцэр, пане кадэт, а чэсны салдат не павінен кідаць сваё хворае начальства. Я, як старэйшы, бяру на сябе команду. Кірунак вунь тая вёска. Крокам… арш!
Яны падхапілі з абодвых бакоў пад рукі кадэта, што віўся і курчыўся ад болю, і павялі па ямах да вёскі. Біглер амаль паміраў ад страху, што яны трапяць проста да расійцаў у лапы, але Швэйк быў непарушны.
— Ведаеце, пане кадэт, — зьвярнуўся ён да Біглера, — я вам от што скажу: свае долі на кані не аб’едзеш, і бяз боскай волі ніводзін волас не спадзе з вашае галавы. Гэтымі днямі адзін салдацік каля агню расказваў, як яны летась ішлі ў наступ на расійцаў і як з імі быў фэльдкурат. Селі яны адпачыць у лесе і фэльдкурат пачаў сілкавацца. У яго была вэнгерская кілбаса, яйцы, чырвонае віно… І раптам іх расійцы там абмацалі ды як пачалі лупіць шрапнэльлю, знарадамі… Усе разбегліся, хто куды; толькі пан фэльдкурат застаўся сядзець на сьсечаным дрэве, разаслаў там сурвэтку і не шманае. Ён нават крычаў на