Старонка:Svejk.4.pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ведаў, апроч іхняга ротнага, бо за гэты час полк быў разоў колькі амаль зьнішчаны ды ізноў сформаваны з маршавых батальёнаў. А ротны ніяк не хацеў паверыць, што гэта яны, пакуль не памацаў сваімі рукамі; бо Чырвоны крыж ужо даўно паведаміў, што яны загінулі бяз весткі або трапілі ў палон, каб не плаціць пэнсіі іхнім маткам. Потым ротны паслаў бубен у Вену ў вайскова-топографічную акадэмію і там паводле гэтага бубну былі зроблены карты генэральнага штабу, дзе давялося шмат выпраўляць і дадаваць чаго нехапала на старых картах Галіччыны. Гарністаму далі пасьля вялікі залаты мэдаль, барабаншчыку — срэбны. Гарністага прызначылі за палкавога гарністага, а барабаншчыка пасадзілі ў астрог у Тэрэзіенштадзе, бо ён сказаў, што афіцэры, што складалі карты мясцовасьці, ідыёты і толькі абкрадаюць дзяржаву… І ведаеш, сябра, з таёю картаю, што зрабіў гарністы, наогул нельга заблудзіць!

І нібыта, каб сьцьвердзіць тыя словы, лес парадчэў і сярод верхавінаў дрэў зьявіліся кавалкі блакітнага неба. Швэйкаў спадарожнік прыскорыў крок, выперадзіў Швэйка і весела крыкнуў:

— Да душы, поле! А от і вёска! Там напэўна хто-небудзь будзе!

Так яно і здарылася — праз дрэвы на ўскраі лесу выступіў кадэт Біглер і запытаўся:

— Ну, што знайшлі лясьнікову хатку? Дасталі там што-небудзь мне? Гэта-ж вы ішлі са мною ў галаўным дазоры? І…

— Не, пане кадэт, — перапыніў яго Швэйк. — А вы тут самі? Мы ішлі з вамі не ў галаўным дазоры, а былі вызначаны ў сувязь. З вамі-ж ішлі іншыя. Дык, значыцца, вы іх паслалі ў лясьнікову хатку? Мы ня бачылі ні лясьніковай хаткі, ні сваіх таварышоў, бо мы заблудзілі. За намі ніхто ня ідзе, мы зусім адбіліся ад батальёну і ніхто пра нас нічога ня ведае. Цяпер батальён наш, можа, у чорта на рагах, пане кадэт, і нам давядзецца самім ваяваць… Ды вы ня вельмі пужайцеся, пане кадэт, перамелецца — мука будзе! Бо шмат хто ваюе на сваю рызыку і адказ.

Кадэт Біглер сумна зьвесіў галаву; залаты мэдаль высьліз-