Старонка:Svejk.4.pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Швэйк у другі раз паведаміў, што адбыў з батарэі і, атуліўшы яе командзіра пяшчотным поглядам сваіх слаўных вачэй, сантымэнтальна дадаў:

— А вашае ласкі, пане паручык, я век не забудуся!

Яны ўзялі на плечы стрэльбы і зноў вышлі на дарогу, на якой ужо крочылі гэтага дня туды і назад. Яны ішлі доўга, гэтыя дзьве заблудлівыя авечкі аўстрыйскае арміі, увесь час радзячыся, ці павярнуць управа ці ўлева. Насустрач ім нікога не пападалася ні конна ні пехатою. І што больш яны ішлі, то больш дзіўным здавалася, што мясцовасьць такая бязьлюдная. Швэйкаў спадарожнік пачаў ныць, што яны, магчыма, ужо трапілі за лінію фронту да расійцаў. Швэйк узлаваўся:

— А калі і так? Мы атакуем іх ззаду, — і толькі таго! Ну, ну, кінь хлюпаць, што мы крыху зьбіліся з дарогі! Мы малыя дзеці,ці што, што можам згубіцца. Ведаеш, як я ляжаў у шпіталі ў Празе, дык адзін хворы, што меў раматус, расказваў нам такі выпадак з яго палком у чатырнаццатым годзе, як у іх барабаншчык і гарністы таксама заблудзілі, як мы цяпер. Яны пашлі недзе ў Галічыне ў адну вёску да дзяўчат, каб апошні раз паспаць з імі перад тым, як іх заб’юць; ну і заспаліся з тымі дзяўчатамі, а як раніцою прачнуліся, дык полк іх ужо рушыў наперад — няма яго! Яны так і акамянелі. Езус-Марыя! Што цяпер рабіць? Пачалі яны гэта шукаць свой полк, ну, якраз, як мы цяпер шукаем свой батальён — туды, сюды… Гарністы нёс трубу, а барабаншчык — бубен. Гарністы быў з адукаваных, інжынэр, ці што, і нарысаваў барабаншчыку, як яны так ішлі алоўкам на другім баку бубна карту мясцовасьці. Ён адзначыў на ёй кожную вёсачку, кожную лужыну, кожны крыж, кожную дзікую грушу, кожню крыніцу, кожную фігуру ў полі, кожнага сьв. Яна Непамуцкага, кожную кучку гною, кожную царкву, кожную крамку, кожную карчму, усе дарогі, пералесак, равы, — адным словам, усё што яны бачылі, праходзячы. І так яны валацужылі ад жніўня да лістапада і выхадзілі ўдаўжкі і ўшыркі ўсю Галіччыну. Адкарміліся яны, як сьвіньні, а на барабаннай скуры было ўжо ўсё, што належыць, каб было на географічнай карце. І от аднойчы пад вечар, недзе недалёка ад венгерскае мяжы, яны натрапілі на свой полк. Але толькі там ніхто ўжо іх ня