Старонка:Svejk.4.pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вы ў нашых артылерыстаў таксама лусту знойдзеце. Ідзеце! Шчасьлівае дарогі!

Швэйк са сваім спадарожнікам, што ўголас захапляўся швэйкавым красамоўствам, пайшлі з паручыкавым загадам у паходную кухню. Кашавар, праўда, пачаў штосьці бубніць пад нос пра галадранцаў, што заўсёды цягаюцца галодныя, але палез з чарпаком ў кацёл і наклаў ім у міскі да самага верху густой рысавай кашы з мясам. Швэйк і яго таварыш скінулі з плеч ранцы, селі на іх, паставілі міскі паміж каленаў, дасталі лыжкі і пачалі ўмінаць.

Да іх падышоў фэервэркер і загаварыў з імі па-нямецку. — Швэйк, у якога рот быў на той час повен кашы, не адказаў, і фэервэркер паўтарыў сваё пытаньне па-польску. Таварыш Швэйка прамармытаў: «Не разумею», пасьля чаго госьць пачаў тлумачыць ім нешта ламанаю вэнгерскаю моваю і так моцна ляпнуў Швэйка па руцэ, якою той трымаў лыжку, што рысавая каша разьляцелася ў бакі. Гэта Швэйка раззлавала; ён павярнуў галаву да фэервэркера і сказаў:

— Гэй, ты, Каннітфэрштан, што гэта ты там вярзеш? Няўжо цябе хто-небудзь зразумее, дурная галава! Кінь блазнаваць, а то як заеду поўху…

Фэервэркер зарагатаў:

— Дык, ты, значыцца, чэх? Чаго-ж ты адразу не сказаў? Ну, цяпер мы зразумеем адзін аднаго, — сказаў ён і сеў поруч з імі на траву.

— Мне здаецца, — сказаў ён, — што тут прахадзіў 91-шы полк ці нейкая ягоная часьць, але куды яны накіраваліся, — я ня ведаю. Цяпер, як увесь фронт заварушыўся, вам, хлопцы, трэба добра пільнавацца, каб не адбіцца ад сваіх. Цяпер вас ня прымуць ні ў якую іншую часьць, а калі і прымуць, дык дадуць вам нумар і вам давядзецца прынесьці ў сваю часьць пасьведчаньне, дзе вы былі і ў якіх бойках бралі ўдзел. А то гэтакіх шкурнікаў цяпер шмат разьвялося, што нібыта адбіліся ў паходзе ад сваіх, а самі проста перайшлі на ўтрыманьне ў другую часьць. А потым, як гэтай часьці даводзілася ісьці ў наступ і біцца, яны, ня кажучы кепскага слова, падаваліся ў трэцюю часьць. Здараліся такія спрытныя мальцы, што за тры месяцы