Старонка:Svejk.4.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у нас адзін капітан прозьвішчам Мурчэк; ён быў гарбаты, але служыў за шпіёна ў Сэрбіі і за гэта яму далі чын капітана. Дык от гэты самы капітан Мурчэк кожан раз, як былі вялікія манэўры, загадваў салдатам, каб кожны браў у ранец па дзьвесьце пядьдзесят баявых патронаў, а потым, як авангард адыходзіўся наперад, разьяжджаў конна паміж салдатамі сувязі, прыслухоўваўся да іхніх гутарак і ўсё запісваў сабе ў кніжачку. Потым, як канчаліся манэўры і ўсе спыняліся на адпачынак, ён клікаў да сябе салдатаў команды сувязі і казаў ім: «Вы ведаеце, што такое моральнасьць? Моральнасьць, салдаты, гэта дакладнае выконваньне ўсіх абавязкаў, што вам даручаюць паводле вашых здольнасьцяй вашы начальнікі. Таму неморальна, калі вы, сучыя дзеці, дастаўшы па дзьвесьце баявых патронаў, цягнецеся з апушчанымі галовамі, як загнаныя коні, і ў асобе вашых начальнікаў абражаеце, смаркачы паршывыя, вашага імпэратара. Заўтра зьявецеся з рапартам! Кругом — марш!» Дык дазвольце сказаць, пане паручык, што мы зусім не хацелі заблудзіць і паслабіць армію на два штыхі. Просім зрабіць ласку і прыняць нас на харчы і прыварак у сваю батарэю. А грашовае ўтрыманьне мы спагонім ўжо са свайго батальёну, як яго знойдзем, наш пан каптэнармус Ванэк усё як мае быць выплаціць.

— Хлопцы, — засьмяяўся паручык у адказ на шчырую гутарку Швэйка, — не магу я ўзяць вас у сваю батарэю. Што-б я рабіў з вамі? Але, тымчасам, вы свой батальён знойдзеце напэўна яшчэ сёньня, бо ён ня можа быць далёка і хто-небудзь ды ведае, дзе ён. У кожным разе гэта ведаюць палявыя жандары. Яны ўжо напэўна скажуць вам ці завядуць туды.

— Не, пане паручык, — смутна вымавіў Швэйк, — дазвольце вас прасіць падумаць добра перш, чым адмовіць нам. Мы, можна сказаць, стаімо супраць самага ворага, і мы ўдвох гэта ўсяроўна, як капля ў моры, а калі батарэя ўзмоцніцца на два чалавекі, дык гэта, пане паручык, у бойцы шмат значыць. І мы будзем служыць вам з усіх сіл і пойдзем з вамі ў агонь і ваду; а паёк і ўтрыманьне з катла мы маглі-б атрымаць з сёнешняга дню.

— Не, не, хлопцы, гэта немагчыма, — вырашыў паручык. — Але пакарміць вас нашы кашавары крыху пакормяць, і хлеба