Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рац; ён перадаў капітану нейкія паперы, павярнуў каня і шпарка паехаў назад. Загнэр зірнуў на загад, абярнуўся да афіцэраў, і праз хвіліну ў лягеры разьлягаліся крыкі: — Трывога! Трывога!

— Каб вас чарты, халеры! — крычалі ўзводныя і капралы. — Ці адзенеце вы амуніцыю, ці не? Рухайцеся жвавей, такую вашу, расійцы падыходзяць ужо! Хутчэй, кажу, хлопцы! А то лезуць у амуніцыю, як наравісты конь у хамут. Ну, жвавей!

Батальён станавіўся ў рады, а пракляцьцё і лаянка віселі ў паветры.

— Так і звар’яцець можна, няўжо-ж нельга нават кавы згатаваць? Ну, давай сюды бляшанку на вугольлі, жару яшчэ стане! — чуліся галасы.

А нейкі жартаўнік ва ўсё горла крыкнуў:

— Вораг ніколі ня бывае так блізка, каб я ня ўправіўся прырыхтаваць сабе гуляш з папрыкаю.

Ізноў паслалі наперад авангард, што выдзеліў кадэта Біглера ў галаўны дазор і наладзіў сувязь на флангах. Пасьля рушылі зноў праз лес, таею самаю дарогаю, што і прышлі, але крыху правей.

На ўскраі лесу спаткалі аўтомобіль, у якім сядзеў афіцэр генэральнага штабу; ён загадаў спыніць батальён, паклікаў да сябе афіцэраў і, гаворачы з імі, так страшна махаў рукамі над разложанаю картаю мясцовасьці, што салдаты аднадушна вырашылі:

— Значыць, мы ізноў заблудзілі! Глядзеце, браткі, як ён на іх сварыцца, бо яны нарабілі шмат дурніцаў.

— Ну, не, браце, тут размова пра іншае. Хлопцы, ці чуў з вас хто сёньня перастрэлку? Не, бо з раніцы ня было ніводнага стрэлу. Магчыма, ужо замірыліся, ён прыехаў паведаміць нам, куды нам ісьці, каб сесьці на цягнік і ехаць дахаты? — заўважыў нейкі дабрадушны голас з задніх радоў. — От нядаўна адзін ефрэйтар з шостае роты, якога каханка служыць за пакаёўку ў аднаго дэпутата ў Празе, казаў мне, што яна яму пісала, што яе пан казаў, што хутка канец вайне, бо ён чуў гэта ад аднаго швэйцара ў міністэрстве ў Вене і гэта вядома…