ліся першыя проблескі дню; пачало ўжо крыху сьвітаць і лісты на дрэве раптам ажылі ў таемным шолаху, якім прырода вітала раніцу. Швэйка таксама змарыў сон; ён скінуў з сябе куртку, кашулю, штаны, нацельную адзежу і патрымаў усё гэта над гарачымі вугальлямі, каб яно хутчэй высахла. Яго прыклад пераняў адзін салдат, што толькі што зьмяніўся з каравулу і таксама пачаў сушыць свае рэчы. Яны стаялі адзін перад адным паабапал кастра і разьдзьмухвалі агонь пад кашулямі, што ўздымаліся, як напоўнены газам балён. Салдат здаволена прамовіў:
— Эх, добры гэта спосаб пазбыцца вошай, братка ты мой! Яны самі ад агню нагрэюцца і адваляцца, а гніды зварацца і лопнуць. І ведаеш, братка ты мой, калі мы сёньня рушым далей, дык нашы хлопцы будуць імі, як макам абсыпаны. Вошам адна прыемнасьць, калі чалавек змокне, а пасьля добра пройдзецца і ўспацее ды сонца будзе яго прыпякаць так, што ўсе заводзяцца, як кураняты пад квактухаю. І ўсё гэта, братка ты мой, з гразі. Дый уся гэта вайна — адна толькі гразь! — Ён шукаў у сваёй куртцы і выкідаў адтуль вошы каравым пазногцем і сумна казаў далей: — каб я быў дома, я цяпер пакляпаў-бы касу ды пайшоў-бы на сенажаць касіць. Траву, братка ты мой, лепш за ўсё касіць раніцою, калі ўначы дождж быў ці выпала густая раса, бо тады трава мякчэйшая. А такою раніцою на лузе так хораша, што і сказаць нельга; з вечару нальлеш сабе крыху гарэлкі або рому ў пляшку, раніцою пасілкуешся, дык каса так і сьпявае ў руках… А от цяпер мы тут з табою нішчым і самых сабе. Ну, скажы мне, братка ты мой, навошта мы ваюем?
Швэйк змоўчыў. Салдат палез рукою пад пахі, пацёр сабе грудзі і з увагаю зірнуў на свае ногі.
— Тут яны мяне найбольш кусаюць. Во, бачыш, як у мяне ад іх праклятых усё чырвона, — сказаў ён. Потым ён адзеўся, лёг, палажыўшы галаву на руцэ, выцягнуў ногі пад агонь і прамармытаў: — Швэйк, браток ты мой, на што гэта, на што? Авечкі мы з табой, браток, жывёла шэрая, быдла…
Раніцою, як салдаты мыліся ў лужынах паміж гнілых карчоў і зьбіраліся піць каву, на запененым кані прыляцеў ордына-