Старонка:Svejk.4.pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на каптан, а калі яна будзе зусім добраю, я дадам яшчэ гумкі на падвязкі. Ну, дзіцятка, ня трэба мяне так доўга прымушаць чакаць, бо я-ж ведаю, што мая мушка ня спіць». І ён ізноў пачаў мяне цалаваць, але толькі цяпер ён ня быў такі далікатны, што яму было даволі задняе часткі пэнюару, а пачаў прыціскацца ротам да маіх грудзей і хацеў перавярнуць мяне на плечы. Я перавярнуўся, а ён шчасьліва прыціснуў мяне да сябе і шэпча: «Ну, сьпі, сьпі, котачка, а я прыкіну яшчэ панчошкі шаўковыя, тонкія, як павуціна». І раптам я на яго як закрычу: «Ці ня пойдзеце вы к чорту? Ці ня думаеце вы, што вы нямецкі прынц і што мы ў Бэрліне?» Дык, пан паручык, дазвольце сказаць, гэты пан так перапужаўся, што ледзь не памёр. Нават ня піснуў, а схапіў з крэсла сваё адзеньне і кулём скаціўся з усходаў. Я замкнуў за ім дзьверы, ізноў лёг і пачаў чакаць, што будзе далей, а пасьля зьявіўся порт’е і пачаў тлумачыць, што ў маім пакоі адзін пан, што начаваў у ім дзень перад гэтым, забыўся свае боты, бо з раніцы пайшоў у паўботках і каб я зрабіў ласку і аддаў іх. Але я адказаў, што ён ня мае права будзіць мяне, а то я адмаўлюся плаціць за тое, што пераначаваў. Тады порт’е за дзьвярыма прызнаўся, што той пан даў яму пяць крон, каб ён прынёс яму боты, і маліў мяне пашкадаваць яго, порт’е, бо ён мае вялікую сям’ю, якую трэба карміць. Я, нарэшце, даў яму боты. Выявілася, што той пан быў купец з Кралёва Градца, а ягоная жонка была з Неханіцэ, і быў ён жанаты ўсяго два месяцы ды меў цешчу, што тады была ў Расіі. Яна іграла там на арфе і не вярнулася на бацькаўшчыну нават у часе вайны таму, што яе, магчыма, пасадзілі ў Расіі за шпігоўства… І от гэтак, пане паручык, чалавек заўсёды можа трапіць у небясьпеку, і каб яго не абараняў ягоны анёл абаронца, то з ім маглі-б здарыцца ўсялякія няпрыемнасьці, асабліва як едзеш у чужы край. Тады нікому ня трэба верыць. Я, напрыклад, адстаўны салдат, а рызыкаваў страціць у Німбурку сваю цноту. А то от яшчэ чуў я…

Але тут Швэйк змоўк, бо ўсе афіцэры спалі, седзячы тут-жа ля кастра, нібы іх заразіў прыклад салдат, што прысунуўшыся адзін да аднаго, спакойна храплі каля кастроў, якія бадай зусім патухалі. Дождж спыніўся і з усходу з-за дрэў нясьмела паказа-