Старонка:Svejk.4.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Варта ўвагі, што чэхі ў аўстрыйскай арміі ніколі не гаварылі «мы будзем біцца» або «мы ім дамо», а заўсёды ў такой горкай, пакутніцкай форме: «Дадуць нам дыхту».

Адзінаццатая рота павінна была ісьці ў авангардзе. Галоўны разьдзел, чацьверты, пад командаю кадэта Біглера, паслаў разьведку наперад і на флангі. Сам кадэт Біглер з шасьцю салдатамі, у тым ліку і Швэйк, што разахвоціўся ісьці добраахвотнікам, ішлі наперадзе. Рэшта салдатаў цягнулася адзін за адным па дарожцы так, каб яны маглі бачыць адзін аднаго, зрабіць рукою знак і паказаць у лесе дарогу, па якой ішла галава калёны. Тыя, што праракавалі, што ім «дадуць дыхту» праз гадзіну, надта памыліліся, бо разьдзел ішоў ужо дзьве гадзіны, а ворага ўсё яшчэ ня было відаць. Прайшла яшчэ гадзіна, трэцяя. Настрой палепшаў, у асаблівасьці таму, што і канонада як-бы сьціхла. Адзін-другі выказаў меркаваньне, што расійцаў адкінулі назад і цяпер яны ня спыняцца раней, як у Маскве. Паз вечар увесь батальён дайшоў да краю лесу, дзе яго чакаў авангард, што ня меў загаду ісьці далей. Новага загаду, што цяпер рабіць, ня было. Толькі, як зусім ужо зьмерклася, прыляцеў ордынарэц з загадам, каб начавалі тут-жа на месцы і чакалі да раніцы разьвіцьця ваенных опэрацый. Капітан адвёў свой разьдзел крыху глыбей у лес і загадаў яму застацца так, каб на першы сыгнал трывогі ўсе былі на месцы.

Лес атуліла імгла. Ноччу заімжыў нясуцішны дробны, халодны дождж. Да поўначы ніхто не заплюшчыў вачэй. Салдаты так змоклі, што з іх вада сьцякала цурком, і наважыліся разлажыць касьцёр. Дроў было колькі хочаш — недалёка ляжалі цэлыя сьпілаваныя бярвеньні, але адно зьявіўся над паколатым цесаком сухім паленьнем першы агенчык, як падскочыў падпаручык Дуб і зашыпеў:

— Пагасеце! Зараз-жа пагасеце! Хочаце, каб нас абстралялі?

Салдаты неахвоча раскінулі касьцёр і мармыталі штосьці пра трэці рэзэрв. Падпаручык Дуб зазлаваў:

— Хто адважыцца пярэчыць? Ні гуку! Каму прыемна, каб праз ваш касьцёр загінуць? Эх, я не хацеў-бы, каб вы мяне як сьлед пазналі!