Старонка:Svejk.4.pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жонка ў мяне — прыгажуньня з чорнымі, пякучымі вачыма. У старажытныя часы, як рыцар ехаў на вайну, ён купляў асаблівы пояс, якім і замыкаў сваю жонку, тады была выключана магчымасьць здрады. Вы-ж напэўна пра гэта чулі? А заўтра на абед, пане Швэйк, будзе гуляш з консэрваў з бульбаю. Я вам крыху прыхаваю. Толькі каб бог даў мая жонка мне ня здрадзіла!

— Я пра гэта чуў і нават чытаў, — хутка адказаў Швэйк, пачуўшы вестку пра гуляш. — Гэта дзеялася ў часе крыжовых паходаў, калі рыцары хадзілі вынішчаць гэтых няверных сабак туркаў і паганцаў, каб адабраць ад іх труну Ісуса. І такія паясы можна бачыць у парыскім музэі, пане Юрайда. Пан Хоркэй, пісьменьнік, што выдаваў у Празе газэту «Сьлед», пісаў пра тое, што там можна пачуць самыя тонкія сапраўдныя парыскія анэкдоты. У Парыжы, пісаў ён, ёсьць толькі тры вартыя ўвагі рэчы: па-першае, морг, куды прыносяць усіх нябожчыкаў, што памерлі, не пакінуўшы адрасы, і ляжаць там цэлыя месяцы на лёдзе пакуль поліцыя не атрымае адказу на фотаграфію ў «Кур’еры» з пытаньнем «Хто гэта? Хто яго ведае?»; па-другое, Монмартр з Мулен-Ружам, дзе зьбіраюцца ўсе простытуткі, і нарэшце Музэй, дзе выстаўлены гэтыя паясы цноты, якімі рыцары рабілі немагчымай здраду сваёй вернай жонкі. А ведаеце, пане Юрайда, мне вельмі шкада, што нас не паслалі на францускі фронт. Я без адкладу пайшоў-бы зірнуць на тыя паясы, як толькі мы-б узялі Парыж.

— А навошта яны вам, калі мы тут, а нашы жонкі дома? — уздыхнуў Юрайда. — Такі пояс, пане Швэйк, вельмі тонкая і мастацкая рэч і павінен быць зроблен паводле меркі. А што, калі жонка возьме ды знарок прышле няверную мерку?

— Ну, нашымі часамі, — запярэчыў Швэйк, — не памагла-б, магчыма, і правільная мерка, бо цяпер на сьвеце — адно ашуканства і жульнітва. Самі падумайце. У старыя часы, пане Юрайда, такі пояс замыкаўся, а ключ да яго рабіў сьлёсар пад страхам кары сьмерцю, толькі ў адным экзэмпляры. Гэты ключ рыцар вёз з сабою ў паход і заўсёды насіў яго на сваіх грудзёх. А як канчалася бойка і рыцар заколваў ці засякаў шмат гэтых сара-