Старонка:Svejk.4.pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Заўважыўшы, што Юрайда ўсё яшчэ ня сьпіць і цяжка ўздыхае, ён павярнуўся да яго і сказаў:

— А вы ўжо чулі анэкдот пра настаўніка і вош, пане Юрайда? У Младай Болеславе жыў адзін настаўнік прыродазнаўства пры рэальным вучылішчы, і яму было вельмі сумна, што ў ягонай колекцыі казюлек ня было вошы. Блох у яго было шмат, бо іх дала яму дырэктарка жаночае гімназіі, але вошай дык нідзе ня мог дастаць. Калі-ж там пачалася работа па рэгуляваньні Ізерскага каналу і туды найшло шмат чорнарабочых, дык выявілася, што на іх вошай, колькі хочаш. От гэты настаўнік аднае нядзелькі сабраўся, узяў з сабою бутэлечку на вошы і пайшоў туды да чорнарабочых. На беразе рэчкі ён спатыкае нейкага абарванца, што якраз лавіў у сябе за пазухаю вошы і кідаў іх рыбам у ваду; а вядома, што рыбы вельмі ласы на вошы, пане Юрайда. Дык от гэты настаўнік і кажа абарванцу, што яму патрэбны вошы дзеля школьнае колекцыі — ці не падаруе ён пару другую. Тады абарванец пакалупаўся ў сябе пад пахаю і выцягнуў пяць штук з добрае ячнае зерне кожную і кажа: «Пяць штук па дваццаць гэлераў — адна крона. Бярэце!» Але настаўнік быў скупаваты і не хацеў плаціць, а таму і кажа абарванцу: «Можа, вы-б іх дарма далі школе?» А той сунуў вошы сабе назад і крыкнуў: «Ну, дык сам гадуй іх!» І выявілася, што гэты абарванец — былы доцэнт філёзофіі, соцыолёгіі і політычнае экономіі, што так апусьціўся пасьля таго, як ягоная жонка скруцілася з другім; ён вельмі добра зразумеў, што калі чалавеку патрэбны вошы, а ён ня хоча гадаваць іх сам, то ён павінен плаціць за іх і што яны ў такім выпадку — тавар. Як на вашу думку, пане Юрайда: добра гэта ці не?

Юрайда, што ня ўмеў доўга злаваць, мірным тонам адказаў:

— Так, бываюць выпадкі, пане Швэйк, над якімі варта падумаць і ў якіх няма нічога сьмешнага. От, напрыклад, жанчыны згубілі шмат народу і ўся сонечная сыстэма ня можа з гэтым нічога зрабіць. І ў гэту хвіліну, пане Швэйк, — Юрайда папярхнуўся з расчуленьня, што называе Швэйка панам, — я таксама намагаюся вырашыць загадку, ці трымае мая жонка вернасьць, пра якую яна мне прысягала, ці сьпіць ужо з кім-небудзь іншым. Мы ўжо колькі часу як пакінулі нашы сем’і, а