Старонка:Svejk.4.pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лелі. От ў Радашовіцах, пане падпаручык, скуралуп казаў што…

— … што я загадаю вас падвязаць, пакуль вы не пачарнееце, як эгіпецкая мумія! — зароў на яго Дуб. — Нягоднік, ня важцеся кпіць з маіх слоў! А не, дык… Езус-Марыя, каб мы былі далей ад фронту, дык я ўжо і ня ведаю, штоб з вамі зрабіў, каб толькі пазбыцца вас. Вы зганьбілі ўвесь батальён!.. Пашлі адгэтуль!

— Ну і раве-ж ён, як бык, — заўважыў хтосьці з салдатаў, як Дуб пайшоў. — Як я стаяў у Чаславе, там служыў у ляндвэры стары Цыбулька. Дык той от роў! Ён заўсёды прымаў рапарты конна і трэба было крычаць на ўвесь двор, а ён мацней за ўсіх крычаў: «Навабранец, абібок, гаварэце мацней, а то я вам рот разьдзяру да вушэй, каб вам лягчэй было. Што-ж вы думаеце, тут можна мармытаць, як старой шлюндры на споведзі? Памятайце, што перад вамі пан капітан і што яму зусім ня хочацца праз вас, смаркачоў, натруджваць слых!» Гэты капітан так роў, што з Врда прысылалі да палкоўніка дэпутацыю, жанчын, каб той забараніў яму павышаць голас, бо дзеці прачынаюцца і з не адным ужо дзяцінец стаўся з пераляку.

Пасьля абеду ўвесь лягер перарабіўся ў зграю голых малпаў, што старанна шукалі на сабе вошай. Усе трымалі перад вачыма споднікі, або кашулю і дасьледавалі ўсе рубчыкі і столачкі, як астроном, што абавязкова хоча знайсьці новую комэту і прымушае свой тэлескоп вандраваць па ўсім небе. Некаторыя даставалі з ранцоў слоічкі з нейкаю шэраю масьцю і націралі ёю плечы і ногі; гэта выклікала пачуцьцё зайздрасьці ў іншых, што забыліся ўзяць з сабою гэтакі сродак ад вошай, і сярод салдатаў пачыналіся гарачыя спрэчкі.

— Лепш за ўсё ад вошай, гэта — укропны алей, — заявіў нейкі барадач, што не забіваў вошай, а пазногцем скідаў іх у траву. — Хопіць некалькі кропель і ўсе вошы паздыхаюць; але ў мяне іх столькі, што мне патрэбен быў-бы цэлы літр алею.

— Яшчэ лепш памазацца газаю, — умяшаўся ў гутарку другі салдат. — Гэта памагае ад вошай як сьвіньням, так і людзям.

— А от кажуць, што вошы наогул не заводзяцца ў шаўковай бялізьне, — сказаў трэці. — У газэтах пішуць, што наогул ня будзем мець вошай, калі будзем насіць шаўковыя кашулі.