Перайсці да зместу

Старонка:Svejk.4.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

агонь, і з іх вачэй з дыму цяклі сьлёзы. Пасьля зьявіўся аднекуль капітан Загнэр і сказаў салдатам, што ім даецца дзённы адпачынак. Гэтую вестку салдаты прынялі з вялікім задавальненьнем; але настрой яшчэ больш узьняўся, як распаўсюджвалася вестка, што пад’яжджае кухня. Гэты цуд здарыўся каля дванаццатае гадзіны дню, і ў кухні была ўжо гатова поліўка, якую тут-жа раздалі салдатам. Яна была нават смачная і Швэйка вельмі зьдзівіла, як нейкі салдат сказаў:

— Каб такую поліўку далі ў рэсторане, дык можна было-б напісаць у мэню па латыні: Консомэ Aqua fontana або яшчэ карацей — H2O.

Швэйr адшукаў каптэнармуса Ванэка і перадаў яму салдатавы словы. Ванэк засмуціўся.

— Гэта сказаў нейкі ласун, што любіць дагадзіць чэраву, — сказаў ён. — Але трэба-ж эканоміць і таму я не магу даваць туды ўсё, што належыць. Апроч таго, кухары, гэтыя мазурыкі, усю дарогу штосьці жавалі… А тое, што сказаў гэты лабатрос, дык гэта латынская назва, якою азначаюць звычайную ваду. Чаго толькі не дазваляюць сабе гэтыя паскуднікі!.. Памятай, Швэйк, што сёньня будуць раздаваць віно!

Выдаваньне віна, шакаладу і розных прысмакаў, «каб палепшыць страву», было таксама асаблівасьцю аўстрыйскае арміі і аднадушна думка салдатаў пра гэту асаблівасьць казала: «Гэта з пачатку да канца ашуканства і зладзейства!» Выдавалі, напрыклад, вядро віна на роту, да гэтага вядра падыходзіў фэльдфэбэль і чэрпаў з яго поўную конаўку. З яго браў прыклад каптэнармус. Як з-пад зямлі зьяўляліся аднекуль кухары, ордынарцы і кожны чэрпаў. Тое, што заставалася пасьля іх, павінна было здаволіць цэлую роту. Звычайна здаралася так, што як капрал выклікаў свой разьдзел браць віно, у ягонай бляшанцы было ня больш дзьвёх лыжак чырванаватае бурды і дзесяць чалавек у адзін голас казалі: — «Пеце самі, пане капрал, — ня варта і вусы мачыць у такой каплі!» Таму і Швэйк рэагаваў на паведамленьне Ванэка, што, відаць, мусіла ўзьняць і пацешыць яго, толькі гэтакім чынам:

— Гэта кпінкі, бо віно даўно ўжо выжлукталі паны афіцэры, а нам дадуць яго толькі панюхаць, каб нельга было сказаць, што