Старонка:Svejk.4.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзіць прылавак, а пан Ворлічэк падасьць яму заяву і атэстат і скажа: «Не, ці ведаеце, шаноўны, я не магу вас прыняць — вы надта павольна рухаецеся». Так ён усё шукаў і шукаў прыказчыка, пакуль, нарэшце, не натрапіў на такога, што чмыхануў наўкола прылаўка, як ласіца. У Ворлічка нават вочы заблішчэлі і ён сказаў: «Вы мне падабаецеся і я вас бяру. Але толькі майце на ўвазе, каханы, у мяне быў аднаго разу прыказчык, што піў атрамант. Аднак я яго адразу заўважыў, бо пасьля таго, як вып’еш атраманту, губы робяцца чырвоныя. Так, я вялікі спэцыяліст, што да мэтодаў». Адным словам, ён паставіў гэтага маладога чалавека загадчыкам аддзяленьня фірмы ў Кошыржы, бо той яму вельмі-ж упадабаўся. А на каляды той распрадаў усе тавары і ўцёк з нейкаю дзяўчынаю ў Італію. Дык, пане паручык, не на кожны мэтод можна быць упэўненым, бо і самым лепшым мэтодам можна ашукацца… Э, ды гэта Балун вас шукае, пане паручык. Ён напэўна зварыў вам каву.

— Швэйк пашоў поруч з паручыкам Лукашом, як добры таварыш, да салдацкага гурту і, пабачыўшы, што Лукаш і сапраўды ўзяў з рук Балуна конаўку з каваю і адказыраў яму:

— Дык дазвольце сказаць, пане паручык: жадаю вам добрага апэтыту.

— Дзякуй табе, — прамовіў паручык над конаўкай.

— Паслухайце, Швэйк, — спытаўся крыху пазьней вольнапісаны Марэк, — з якога гэта часу пан паручык з вамі на «ты».

Швэйк зірнуў на таго, хто пытаўся і зусім шчыра прызнаўся:

— Ён хацеў, каб я яму гаварыў «ты», бо мы толькі кагадзе, вось там каля ручаінкі, выпілі на брудэршафт сьлівавіцы. Ён вельмі добры чалавек і адразу-ж пачынае гаварыць салдату «ты» як толькі пачуе гарматы. А от, як мы ўчуем страляніну з карабінаў, на «ты» з намі пяройдзе і пан палкоўнік. Гэта ўжо такі звычай на вайсковай службе, што паны афіцэры, як ім даводзіцца цяжка, пачынаюць лічыць салдатаў за сваіх братоў.

Навокала гарэлі дзесяткі кастроў і да іхняга трэску прымешвалася булькатаньне вады ў сотнях кацялкоў, дзе кава разварвалася ў густую, чорную, сьмярдзючую і нясмачную жыжку; сырыя дровы дыміліся і ніяк не хацелі разгарэцца, а салдаты, размахваючы шашкамі, выбіваліся з сіл, стараючыся разьдзьмухаць