— На! Толькі глядзі, Швэйк, усяго раз пацягні. А то якраз вып’еш усё да рэшты, — сказаў Лукаш, як Швэйк узяў пляшку ў рукі.
— Я толькі крышку пакаштую, каб у мяне ня было паганага смаку ў роце… от так… эх, і добрая-ж сьлівавіца! Вельмі шчыра дзякую, — сказаў Швэйк, выціраючы далоньню рот. Пасьля ён сеў на другім беразе ручаінкі і з цікавасьцю стаў разглядаць мускулістыя ногі і валасатыя лыткі паручыка.
— Дальбог, пане паручык, у вас прыгожае, сапраўды як у жанчыны цела; у вас гладкая белая скура. А вось да нас у «Звонак» прыходзіла танцаваць некая Марыя Мрочэк, і была яна таксама гэтакая-ж беленькая. Яна вельмі любіла мужчын і ў адным пустым месцы, як яе праводзілі ў Бжэўноў, яна ўначы дазваляла вытвараць з ёю, што хочаш. Але нікому яна не дазваляла гладзіць ёй калені або яшчэ вышэй каленяў. Ну, як гэта стала вядома хлопцам, дык тыя аднаго разу змовіліся, каб правесьці яе гуртам ды і схапілі яе, каб выявіць, чаму яна не дазваляе пагладзіць сябе вышэй каленяў. І от выявілася, што скура ў яе, як у абдзёртай гусі, такая-ж самая няроўная. Дальбог, пане паручык, што азадак быў у яе, як тарка.
— А што, Швэйк, у цябе таксама былі з ёю справы? — папытаўся паручык, нацягваючы на сябе споднікі. — Прызнайся, брат, колькі дзяўчат ты зрубіў на сваім вяку?
— Я, пане паручык, трымаўся заўсёды прыстойна, але от у мяне быў таварыш, што мне вельмі шмат апавядаў. Справа ў тым, што гэты таварыш быў вялікі бабнік. Ён вёў пра жанчын, з якімі меў дачыненьне, бухгальтарскія кнігі, як фабрыкант Шыхт пра мыла, што ён адпускае ў крэдыт бакалейным крамкам. Ён насіў у кішэні каляндар і запісваў кожны дзень імя таей жанчыны або дзяўчыны, з якою ён марнаваў час, і колькі гэта каштавала грашыма, і дзе гэта было. А на новы год ён заўсёды рабіў падлік, складаў балянс і выводзіў статыстыку. Гэта таму, што ён служыў у банку і добра ведаў бухгальтэрыю. Дык от ён нам часта гаварыў: «Самыя танныя — гэта пакаёўкі, бо з імі можна пайсьці на Косараў луг або ў нядзелю паехаць за горад, у Зацішы. На дваццаць процантаў даражэй каштуюць краўчыхі, бо яны любяць хадзіць у кіно. Яшчэ на дзесяць про-