Старонка:Spadchyna.pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 85 —

Бярозы—плачкі сумныя—павісьлі
Абапал, як нямая варта-страж,
Ня дбаючы чаго стаяць, скуль выйшлі,
Адно ківаючы на шлях—ты наш!

А вецер ім бязбожныя напевы
То ціха шэпча, то гудзіць, як зьвер,
Галубячы, цалуе іх, як дзеваў,
І кліча іх на радасны бязьмер.

Паміж бярозаў-плачак гэтым шляхам
Іду я з ношкаю разьбітых дум,
Адзін іду, а падганяе тайным жахам
Прыяцель верны мой—бясьсьмертны сум.

Я—шлях, якому век няма спакою
Ні ў чорны дзень, ні ў месячную ноч,
Пасьвечаны нядбалаю рукою.
Жалобнае жыцьцё вясьці апроч.

Я—тая плачка сумная—бяроза,
Увосень абгалочана з лістоў,
Дрыжачая зімою ад марозаў
І ад бушуючых разьюшаных віхроў.

Я—вецер той, што сьлёзна ў сонным полі
І ў буйным лесе вые сіратой,
Начлегу не знаходзячы ніколі
З сваёю горка-жаласнай журбой.

Іду па шляху я і пазіраю,
Як сьфінкс, ў сьфінксаву нямую даль,
І не знаходжу мукам сваім краю,
І сіл ня маю вырваць з сэрца жаль…

Закалыхаўся ястраб быстравокі,
Між небам і зямлёй, як лунь, завіс—
Мяне і дзень мой сочыць адзінокі,
З насьмешкай мерачы вачамі ніз.