Старонка:Spadchyna.pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 86 —

О, каб ён вылушчыў душу мне з цела
І затрымаў на хвілю у высях,
Каб раз, адзін раз толькі паглядзела
Адтуль, з-пад сонца, на зямны свой шлях!

27/I—14 г.

|}


З ВЯЧЭРНІХ ДУМ.

Як нябеснае згасьне за лесам сьвятло,
А ноч крыльле распусьціць па ўсёй Беларусі,
Штось мне шэпча: ідзі! Я іду за сяло
І на ўзгорку пад крыжам паклонным саджуся.

Счараваны вячэрняй глухой цішыной,
Прыслухаюся шэпту далінаў і гораў;
Недзе-недзе губляюцца, нікла са мной
Задуманыя вочы ў нязгледным прасторы.

Тонуць думы ў спакоі трывожна-сьвятым,
Над зямлёй расплываюцца з сумнай цямрыцай
Аж да высі, што макам мігціць, залатым—
Міліёнамі зор без канца, без граніцы.

Ночна-сонная даль мае мову сваю,
Былі зьяўныя шорахам тайным складае,
Песьню з небам снуе—праслаўляе зямлю;
У песьню лучыцца гэту душа маладая.

Аб квяцістым зямнога жыцьця харастве,
Аб праменьнях, што долю галубяць людзкую.
І аб з сілай благою пабеднай бітве
Чую голас прарочы і ў думках мяркую…

Гледзячы. як загон наш калосьсямі сьпеў,
А сявец яго радасна з сонцам сваіўся,
Песьню далі і неба так сама я пеў,
А калі?.. Знаць, тады, як яшчэ не радзіўся!..

6/VII—13 г.