Старонка:Spadchyna.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 84 —

Кліч-заклінаньне векавечнага зароку,
Што ў гусьлях толькі дрэмле, ў песьню ўчараваны.

Прадсьмертнаю кляцьбой канаючага раба,
Малітвай грэшніка, зарэзаўшага матку,
Зьвярнуся к сонцу, сонцу без канца й пачатку.

Хай спаліць мне душу, як ствол разьбіты граба,
Хай вочы высмаліць, як кветку ў лільі слабай,
Але і крыж мой спапяліць хай папарадку!

15/II—15 г.

|}


НА СУД.

На суд вам, кніжнікі, сябе я аддаю,
Судзіце па стацьцёх, як піша ваш закон;
Было-ж жыцьцё мне—узаконены прыгон,
Хоць я ня даў вам і ня дам стаптаць душу сваю.

Мінаў я вашу фарысэйскую сям’ю,
Мяне ня збэсьціў вашым ідалам паклон,
Калі-ж з грудзей і вылятаў пракляцьця стогн,
То кляў я сам сябе і мук сваіх зьмяю.

Нічым грашыць ад вас грашнейшым я ня ўмеў
Піў чарку крыўды і цярпеньня—ўсё да дна,
І не спаганіла мяне аблуда ні адна.

Адзін грэх толькі лёг мне на душу, як леў,
Праступак, судзьдзі, мой: я сэрца, сэрца, меў!
Але ці-ж гэта так страшэнная віна?—

20/I—15 г.


НА ШЛЯХУ.

Ляжыць, уецца ў бел-сьвет, як вужака,
Стары, утоптаны вякамі шлях,
Сьнючы былыя сказы, небарака,
Што перачуў на змучаных грудзях.