Старонка:Spadchyna.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 77 —

Плача малуля, плача, галосіць,
Сына ў вакне выглядае.

Там, за хацінай, там каля плоту
Ліпа шуміць ў гародзе,
І аб тэй птушцы і аб матулі
Песьню ў пашуме заводзе.

Ходзяць там людзі, ходзяць грамадай,
Б’юцца, ўпіваюцца, скачуць,—
Ані тэй птушкі, ані матулі,
Ані тэй ліпы ня бачаць.

12/IX—08 г.

|}


КРЫЎДА.

Цягалася Крыўда па сьвеце,
Ад хаты да хаты блудзіла;
Тым строіла вечныя сеці,
Тых гнала бяз часу ў магілы.

Ад хаты да хаты йшла з хвалай,
Ўзьвялічвала троны, кароны;
Нявольнікам путы кавала,
Пладзіла сусьветныя стогны.

Здавалася, ноч не пяройдзе,
Іржа ня згрызе вечных путаў,—
Аж бліснуў пажар на усходзе,
І дрогнулі рабскія скруты.

І дрогнула Крыўды ўсяўлада,
Разьлёгся скрозь кліч пяруновы;
Апалі кароны, пасады,
З нявольнікаў спалі аковы.

І мілай пацехай зазьяла,
І доля і слава людзкая,
Дый толькі знаць слава і хвала
Недаўгавечнай бывае.