Старонка:Spadchyna.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 76 —

ДЗЬВЕ ДОЛІ.

Расьце бярозка серад поля,
Ўдалі ад лесу, сіратой;
Жыве пясьняр з сваёй нядоляй,
З сваёй маркотнаю душой.

Ваюе з бурамі бяроза,
Мароз, слата сячэ яе;
Пясьняр з няпраўдай б’ецца ў сьлёзах,
За ўсіх цярпіць, для ўсіх пяе.

З бярозкі сьвежыя галіны
Віхор зрывае, коціць ўдаль,
А песьняровы думкі-гымны
Ламочыць крыўда, гора, жаль.

Жыла бярозка, годзе жыці:
Сячэ на дровы дравасек…
Ідзе пясьняр пад дзёрн злажыці
Сваю галованьку на век.

Бярозка, ў печы ўжо вуглямі…
Дымы пад неба ўжо бягуць;
Памёр пясьняр, забыт людзямі,
А песьню ўсе яго пяюць.

30/X—18 г.


ПЕСЬНЯ.

Там, гэй, на ліпе на расахатай
Птушка гняздо ўе, будуе;
Там, у хаціне, там у пахілай
Маці сыночка гадуе.

Вецер наскочыў, вецер нячулы,
Птушцы гняздзечка раскінуў;
Выгнала доля, выгнала сына,
З матчынай роднай хаціны.

Цьвіркае птушка, жаліцца птушка,
Вецер, жыцьцё праклінае;