Старонка:Spadchyna.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 75 —

Бадзяньні тыя, што ўсьлед шлі,
Па роднай, па чужой зямлі,

І тыя новы ўладары,
Што пруць к яму ў гаспадары;

Ўсё важыць розумам дзядуль,
І ня здыбе дабра зьнікуль,

Адно, ад назалістых дум
Што раз, то горшы цісьне сум.

І сам пя бачыць, як расой
Сплыла сьлязіна за сьлязой,

З сухім зьмяшалася пяском
І заблішчала аганьком…

А дзед на прызьбе ўсё сядзіць
І ў дальню даль глядзіць, глядзіць!

30/X—18 г.

|}


А ТЫ, СІРАЦІНА…

…А ты, сіраціна, жыві,—
Як ветрам лісток адарваны,
Ні месца табе на зямлі,
Ні радасьці з песень жаданай.

Нясі сваю ношку жыцьця
Між наспаў-курганаў магільных,
Бяз веры ў свой цэль, бяз пуцьця,
Расклаканы ў жальбах бясьсільных.

Як цень з таго сьвету, ідзі,
Ня знаючы ў долі сірочай
Ні сэрца з дзявочай грудзі,
Ні сонечнай ласкі дзявочай.

Жыві і сьні сны аб вясьне.
Ды думай адно, сіраціна,
Што нават ніхто ня ўздыхне
Калісь над тваёй дамавінай.

6/XI—13 г.