Старонка:Spadchyna.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 74 —

СТОНОГАЕ ЛІХА.

Стоногае Ліха-Нядоля
Валочыцца з поля на поле;
А вочы ў яго—што ў начніцы,
А рукі ў яго—чараўніцы.

Дзе ступіць—там кроў выступае,
Дзе гляне—там крыўда сьляпая
Народы хіне, як калосьсе,
Каго-ж абыймае—сьмерць косе.

Трымае сьвет цэлы ў парадку,
Ня мае канца і пачатку,
Ня знае граніцы і меры,
Ня гіне ад кос і сякераў.

Так блукае з поля на поле
Стоногае Ліха-Нядоля;
Над ім-жа сам Бог з пярунамі
Дзяржыць страж, спавіты імгламі.


НА ПРЫЗЬБЕ.

Сядзіць на прызьбе бледны дзед
І пазірае сьлёзна ў сьвет.

Старэчай думкай ў даль бяжыць,—
Як жыў, жыве, як будзе жыць.

За успамінам успамін
У грудзі лезе, як той клін.

Шлях не малы прайшоў ў жыцьці,
А йшчэ ці многа перайсьці.

Ўсё разважае на свой лад
І, што збудзіў ўспамін, ня рад.

У думкі пруцца стада мар—
І двор, і пан, прыгон і цар.