Старонка:Spadchyna.pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

МЛЕЧНЫ ШЛЯХ.

Лёг па небе шлях млечны, шлях зьлепленых зорак,
Паясом-серабром без канца і пачатку,
І цікуе, як месяц, з узгорку на ўзгорак
Пад ім лазіць, мяняючы што ноч апратку.

І галубіць шлях бледны зямлю яснавіцай,
Сочыць вочак мільёнамі долю людзкую,
То сьвятлей, то мглісьцей зацьвітае, міхціцца,
Сее скрозь ніто сон, ніто яву такую.

Людзі кажуць, што птушкам, зблудзіўшым ўночы,
Млечны шлях служыць сьцежкай-пуцінай у вырай.
Яшчэ кажуць, што гэта сьлязінкі сірочы
Замяніліся ў зоркі ды сьвецяць так шчыра.

9/XI—18 г.


ЗВАНЫ.

Гудуць званы, з дня ў дзень гудуць мядзяныя званы,
Як стогн, гук-водгульле гучыць мальбою жудзі,
Дрыжыць званіцы мур сьцюдзёны, цагляны,
Дрыжыць званар, надорваныя рвучы грудзі.

Наводзіць гэта музыка нязводны звод нуды,—
Скрабе душу, як сенажаць жалезныя бароны,
Па сэрцу б‘е, як дождж па шклянай шыбе ў халады,
Гадуе ў думах сказ бадучы, забабонны.

Ў мазгі залазіць жах, што гэты буйны звон званоў,—
Хаўтурны гэта звон спакон нямых сталецьцяў,
Што гэтая званіца—мерцьвяковы вечны схоў,
Званар—грабар, што косьці згортвае па сьвеце.

8/XI—18 г.