Старонка:Spadchyna.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 49 —

Нас самавольна земскі карае,
Душыць, саджае ў вадседкі,
Крыўдзіць вураднік, поп абірае,
Воласьць з нас цягне пасьледкі.

Гляньце: паліц’я, войска, вастрогі,
Цэрквы, чыгунка, палацы!—
Гэта наш труд, падаткі, налогі,
Наша мужыцкая праца.

Плача ў няволі край наш радзімы,
Самі-ж ня знаем спакою:
Паляць нас леты, студзяць нас зімы,
Мучыць нас голад вясною.

|}


КУДЫ ТЫ РВЕШСЯ!..

Куды ты рвешся ў зьнемажэньні,
Дзіцё нядолі, цемнаты!
Цярпі, няшчаснае стварэньне,—
Цярпець бо толькі ўмееш ты!

Забудзься бацькаўскіх наказаў,
Што шчасьце будзеш колісь мець,—
Як ты радзіўся, ты адразу
Асуджан доляй век марнець.

Цягай ты зрэбную кашулю,
Цягай ты лапаці з лазы;
Зімы ня слухай грозных гуляў,
Ад летняй сьпекі не бяжы!

Працуй ярэмнаю скацінай
На сычых ворагаў тваіх;
Хай сохнуць грудзі, чахне сьпіна,
Забудзься думак удалых!

Ідзі схварэлы на работу,
Гаруй, бядуй, як год вялік;
Маўчы, хоць слепнуць вочы з поту,—
Замрэ твой, як у пушчы, крык.