Старонка:Spadchyna.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 37 —

«Не забіваці»—ты стрывожыў права,
На сэрца і душу наклікаў цьму;
Людзей на зьвераў пошасьцяй крывавай
Ператварыў і здаў насьледніку свайму.

Га! Хай-жа льецца кроў, дымяць пажары,
Няхай пад крыжам плача сірата!
Крывавы бог крывавыя ахвары
Сабраць павінен з сьвету да чыста.

Аж прыйдзе іншы год з рукою лёгкай
Агледзіны рабіці новых дзён,
Дзе меч нявідзімага бога-Рока
Напіша бяскрывавы свой закон.

18/XII—14 г.

|}


ВЯСНА 1915-я.

Дык вось-жа як прыйшла яна—жаданая вясна—
Ў кароне з зелені і кветак, з пошаптам бяроз!
Ядыная з паміж былых сясьцёр сваіх яна:
Не разьвясельвае душы і ня ўцірае сьлёз.

Ня росы зіхацяцца брыльянцістыя на ёй,
Ня росамі палеткі збожны сьвенціць на зямлі,
А йрдзіцца ўся гарачаю чырвонаю крывёй,
Крывёй палошча ўсходы, што ўзышлі і… ня ўзышлі!

Ня з сонцам вышла блаславіць аратага арбу,
Ня сонцам туліцца да скрыўджаных сяліб і хат,
А грознымі пажарамі распачала сяўбу,
Пажарамі-зьніштожаньнем сьвяткуе сьвята сьвят!

Ня выйшаў сейбіт на загон, як ён калісь ішоў,
Каб з верай і надзеяй кінуць зерне на прыплод,—
А сее… от, абы!.. бо сеяць звык ён з-прад вякоў
Хоць і ня знае, хто пажне, хто зьесьць яго ўмалот:

І хаты майскім дзераўцом ня ўмаіў селянін,
Як прадзеды умайвалі, як вучыць абычай,
Спытай: Чаму аб спадчыне бацькоў забыў так сын?
Адкажа: Ведама—жалобу носіць наскі край!