Старонка:Spadchyna.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 38 —

Перапалохана кабеціна з дзяцьмі на шлях
Ідзе штодзень пад крыж і пазірае ў даль
Прагледзела ўжо вочы,—ўсё-ж надзея тліць ў грудзях,
Праслухала і вушы ўжо, а слухае на жаль...

Дзяўчына, распусьціўшы косы, вылецела, ў бор
І, прытуліўшысь к дрэву, песьню жуткую пяе—
Ні-то падладжываючыся пад хаўтурны хор,
Ні-то спраўляючы ў бары заручыны свае.

А бусел, што на пірамідах зімку зімаваў,
А лета летаваць у любы край свой прыляцеў—
Зьдзівіўся, пасмутнеў… сваёй мясьціны не спазнаў
І не знайшоў гнязда свайго, што летась яшчэ меў.

Адно балюе баль зьвяр’ё з сну збуджана ў лясох,
Пажывы на пабоішчах скрозь маючы ўдаволь,
Ды груганы, што костачкі зьбіраюць па палёх,
Не пашкадуюць, што жылі ў такі ўсясьветны боль.

Дык вось-жа як прыйшла вясна жаданая на сьвет,
Калоцячы, як ліпай, змучанай зямлёй да дна.
Крывёй, пажарам, пошасьцяй—людзям яе прывет,
А напіс на яе агнёвым знамені: Вайна!

7/VI—15 г.

|}


НОВЫ ГОД.

Са звонам пут, са, сьвістам пугаў,
З брахнёй, з грызьнёю ў чарадзе,
Ў той самай цьме, ў тым саму кругу
Стары зышоў, а Новы йдзе.

Ідзе. А вылюдкі марочаць
Маной мазгі адны адным,
Што будзе сьветамі варочаць
І сеяць зьмены скрозь усім.

Што будзе годам пераменаў,
Тым на дабро, а тым на зло;