Старонка:Spadchyna.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 36 —

І вось жніва, што за жніва!
Бокам, сторчам, проста, крыва—
Труп ля трупа, як калоды…
Што за сон, што за выгоды!
Не на сьмехі, не на жарт,
Ката—брат, кат брата варт!

...............

Ціха дрэмле поле бітвы,
Шэпча блізкі лес малітвы;
Выбрыў воўк з сваёй бярлогі,
Выць пачаў на ўсе разлогі.
Выць пачаў ў хаўтурны тон,
Зубы скалячы на плён.

А разьняўшы когці-клешчы,
Ў высі ўсплыў груган злавешчы:
І закракаў, як-бы ведаў:
Кра-кра, кра-кра! то-ж пабеда!..
Кра-кра-кра! рыхтуй набой—
Па, пабедзе—зноў у бой!..

18/XII—14 г.

|}


1914-ты.

Зыходзіш ты туды, скуль ня прыходзяць,
Але сваіх не забярэш сьлядоў…
О год! такіх, як ты, час рэдка родзіць.
О год! ты першы гэткі з між гадоў.

Прыйшоў ня з згоды і свабоды весьцяй
І—не ўзьвялічыць праўду між людзьмі,—
Жыцьцём мільёнаў ты прыйшоў затрэсьці,
Шлях вымасьціць свой трупамі, касьцьмі.

Касьцьлявай зморай з гібелі сталецьцяў
Ты, як пракляцьце, будзеш вызіраць,
І будзе маці страшыць табой дзеці,
Ды клікаць той—хто ўздумае ўміраць.