Старонка:Spadchyna.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 24 —

КАЛІ ПАЧНУЦЬ…

Калі пачнуць зьбірацца хмары
І неба ўсьцелюць чарнатой,—
Тады ўсплываюць буйны ветры
І віхрам гоняць над зямлёй.

Адвечным борам закалышуць,
Сухі ліст з лесу гоняць проч,
Ніштожаць хмар калматых горы,
І ясным днём зьмяняюць ноч.

Калі прыгнецены няпраўдай
Які зьнябудзецца народ,—
Тады зьяўляюцца прарокі
І ўсенародны клічуць сход…

Расьце на сходзе недавольства,
А дудароў магутны хор
Пяе аб крыўдах і ўсіх кліча
Да новых праўд, да новых зор.


НЯ ШУКАЙ

Ня шукай ты шчасьця, долі
На чужым, далёкім полі,
Гэт, за шумным лесам-борам,
За шырокім сінім морам
Ня шукай ты шчасьця, долі!

Ты ўсё знойдзеш гэта блізка,
Там, дзе маці над калыскай
Табе песьні напявала,
Як малога калыхала,
Толькі ўмей шукаці блізка!

*

Ня шукай сабе дружакаў
Між чужынцаў, між піяўкаў,
Ні у месьце, ні ў палацы,
Ні пры лёгкай панскай працы,—
Ня шукай ты там дружакаў!