Старонка:Spadchyna.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана
— 23 —

Гэй-жа, брацьці, ўсе мы разам
Песьню запяём,
Дружна, сьмела, на сьвет цэлы
Аб жыцьці сваём!

Хай імчыцца наша песьня
Птушкай па-над гай,
Дзе бяжыць бурлівы Нёман,
Дзе наш родны край!

Хлопец стройны коні пое
Тамака ў браду,
А прыгожая дзяўчынка
Чэрпае ваду.

І адно так на другое
Міленька глядзяць,
Аж іх вочкі, быццам зоркі,
Ясна мігацяць.

Гэй-жа, брацьці ўсе мы разам,
Песьню запяём,
Дружна, сьмела, на сьвет цэлы
Аб жыцьці сваём.

Даляціць мо’ наша песьня
Да забытых сёл,
Дзе яе сусед пакліча,
Павядзе за стол.

Хлебам, сольлю прывітае,
Чарку паднясе…
Будзе песьня красавацца,
Як жытцо ў красе.

Нам тады ўсім будзе слава,
Ня было якой…
Дык запейма, хай імчыцца,
Нашых песень рой!

1906.

|}