Старонка:Spadchyna.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 25 —

Ты іх знойдзеш вельмі блізка,
Каля хаты, каля нізкай,
Дзе ганяў жывёлу змалку,
Дзе касой махаў на ранку,
Толькі ўмей шукаці блізка!

*

Ня шукай сабе, мой братку,
З ветрам Бацькаўшчыну-матку,
Ні на сушы, ні на моры,
Ні у шчасьці, ні у горы,
Ня шукай яе там, братку!

Яе знойдзеш вельмі блізка,
Як знаходзіць лес вятрыска,
Толькі ў сэрца глянь сваё ты,
І ў душу заглянь з ахвотай,
Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка!

21/VI—13 г.

|}


ЖАР НЯ ЗГАС.

Цяжка, горка мы жылі
З году ў год, ад веку к веку,
Столькі на сваёй зямлі
Церпім, выцерпелі зьдзеку!

Хто змагаўся, а хто спаў,
Хто ліў сьлёзы, хто сьмяяўся,
Ды з нас кожны не прапаў—
Тым, чым быў, далей застаўся.

Хай там віхры стрэхі рвуць,
Хай там ёрмы чэшуць злыдні,—
Нашы праўды не памруць,
Ночы царстваваць абрыдне.

Хоць і гоніць небарак
Кат з дамоўкай жыць сам-на-сам,—
Нашы маткі нам ваяк
Новых выгадуюць з часам.