Старонка:Spadchyna.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 165 —

Іскрыцца поле сьнежнае, белае,
Бор гутарлівы ціха стаіць,
Воўчая песьня, дзікая, сьмелая,
Жудасна ў полі ўжо ня гудзіць.

Радасна ўсходзіць раніца стройная,
Сьвеціць для сьнегам засланай зямлі;
Вокал абшары, ўсё дзіўна-спакойныя,
Шалы віхураў як ня былі.

Гоманы, скрыпы з вёскі даносяцца,
І там ужо сонца робіць сваё;
Па саламяных стрэхах дым коціцца,—
Знак, што пад імі госьціць жыцьцё.

Будзяцца людзі, з хат выбіраюцца
Яркі калядны дзень прывітаць;
Цёплая пара з губ выбіваецца,
Шэрань на бровах, шчокі гараць.

Бабы заняты важнай заняткаю,—
Вілкі, чапёлы ў дзела ідуць—
З нейкай паважнай ходзяць аглядкаю,
Сьвята сягоньня—бліны пякуць.

Рана і жонка стала Рыгорава,—
Мужа з дарогі жджэ і дачкі,
Носіць ваду, змарылася здорава,
Печ падтапіла, ставіць гаршкі.

Можа яна ўжо разы і сотныя
Глянула ў шыбы з хаткі на двор;
Мучаць старую думкі маркотныя:
Штосьці ня едзе з Ганнай Рыгор.

Выехаў ўчора цёмнаю раніцай,
Меўся вярнуцца на-нач дамоў;
Праўда, кабылка худа, чуць цягнецца,
Але вялікі ўжо час прайшоў.