Старонка:Spadchyna.pdf/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 166 —

Што за прычына, што так задлякаўся,—
Трудна згадаць, хоць як варажы;
Ці мо’ дзе ў гурбу сьнежную ўпякаўся,
Ці мо’ начуе у Рубяжы,

…Скрыпнулі сані… ў вокны марозныя
Хутка, пакуль там бегчы на двор,
Вочы свае Рыгорыха сьлёзныя
Ўставіла й бачыць: ўзьехаў Рыгор.

—Дзе-ж ты дзеў Ганну?—ў мужа пытаецца.
—Няўжо,—ён кажа,—Ганны няма?
І абаім ім сэрца сьціскаецца,
Дум усялякіх хлынула цьма.

Ганна з двара ўжо іншай дарогаю
Йшла, як ехаў Рыгор па яе;
Думаў, што дома. Бачыць з трывогаю:
Дома няма. Дык дзе-ж яна, дзе?

Дарма шукаці рвуцца ў ваколіцы,
Ў вёсцы пытаці, на мшы даваць;
Дарма ён стогне, а яна моліцца:
Ганны нідзе няма, ня чуваць.

Толькі ад часу, як гэта сталася—
Гутарка ходзіць так па сяле:—
Ў сьнег як зямелька ўся адзявалася
Неба мяцеліцу грозну пашле,—

Ночнай парою з бара недалёкага,
Нейкае зданьне—глянуці страх—
Чуць лёзе з гурбаў, з сьнегу глыбокага,
Йдзе на дарогу з ношкай ў руках.

Хто йдзе, ці едзе, страх таму гэтае
Дзіва сустрэці, голас пачуць,—
Страшная мара, напаў-адзетая,
Зблытаны косы, вочы пякуць.