Старонка:Spadchyna.pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 164 —

У губу ня лезе яда гаспадарская—
Кусок іх палічаны кожны;
Ў калысцы ад крыку дзіцё захліпаецца,
Патомак твой плача сярмяжны.

Бацькоў гэтым грэхам сваім не пацешыла—
Ўжо з дзіцем ты лішняя ў хаце;
На службе цябе разьлічылі, адправілі—
Ня стала там хлеба дзіцяці.

І што-ж цябе, маці, чакае, бязмужняя?
Ня бачыш ты сьвету, ў сьвет глядзя;
Ня ўзложыш вянка ты ўжо болей дзявочага,
Ня сядзеш ужо на пасадзе.

Навекі твая ўжо зламаная моладасьць,
Асуджана мучыцца вечна,
І ў гэтай дарозе, у гэту мяцеліцу
Ты спраўды шчасьлівай, бясьпечнай.

Сьнег так адусюль спавівае пялёнкаю
Сваёй прыліпаючай, белай,
І сыспаду мягка і зьверху накрытая,
Начлегаў такіх ты ня мела.

Ня мела папраўдзе, бо гэтак, во соладка
З дзіцём—бачу я—ты заснула.
Сьпі!... Пэўна і песьні маёй, табе выснутай,
Усёй ты, бядачка, ня чула,

Сьпі, сьпі! покі сонца на небе нячулае
Узойдзе гуляці над сьветам;
А можа засьні лепш навекі, няшчасная,
Як маеш з жыцьцём біцца гэтым.


Вечна ня можа мучыць мяцеліца,
Вечна ня можа ноч панаваць;
Зімняе неба сонейкам беліцца,
Вецер нямее, хмар ня відаць.