Старонка:Spadchyna.pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 163 —

А будзе цікавая песьня,
Бо выскажа думы твае.
Ну, слухай, хоць сэрцу балесьне—
З тваёй мая доля пяе!


Ты помніш, як маці цябе твая родная
Дзень першы у лапці абула,
Як ты, падрастаючы, цьвёрдую, зрэбную
Кашулю на целе пачула.

Галела, калела у полі ты, з пугаю,
Куску жадна будучы хлеба,
Па лесе, па пасецы з стадам цягалася,
Патолі ня знала ад неба.

Пякло лета сьпекай, ты, ўся зацяганая,
Зьлівалася потам крывавым,
А восень студзіла слатою бязьлітасна,
Трос вецер адзеткам дзіравым.

Ці йшла ты на поле шырокае, вольнае,
Ці з стадам вярталася з поля,
Ніхто ня вітаў цябе шчыра, прыветліва,
Ні свой, ні чужы, і ні доля.

Вось вырасла, стала дзяўчынай прыгожаю,
Ды горкім жыцьцё было далей:
Бацькі твае бедна і трудна жыць мусілі—
У людзі чужыя паслалі.

Паслалі па цьвёрды, па хлеб на пакідзішча,
На зьдзек, на бадзяньне няміла,
І ты без апекі прытульнай, бяз бацькаўскай
Навекі сябе загубіла.

З насьмешкай благой на цябе, заблудзіўшую,
Цяперака ўсе паглядаюць;
І сэрца крывёю тваё абліваецца,
І вочы ў сьлёзах плываюць.