Старонка:Spadchyna.pdf/164

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 162 —

Бядак жыве толькі сягоньня,
Дзён лепшых яму не чакаць;
Цар-голад няшчаснага гоне
Крывавага хлеба шукаць.

Пакінуўшы роднаю хатку,
Калі йшчэ такая дзе ё,
Замучан бядой даастатку,
Ідзе, каб здабыць на жыцьцё.

Ідзе, а пражорнікаў вочы
Цікаюць з усіх са старон;
Ідзе, а ці днём, ці уночы,
З дарогі зьбіваецца ён.

Так блудзячы, валіцца ў сеткі,
Растаўленыя спатайка,
І сілаў няраз апасьледкі
Ссуць п’яўкі, вужы з бядака.

Заплацяць пагардаю дзікай
За кроў, за мазолі, за труд,
Дадуць медзяка для прыліку,
Што ліў пот ня толькі за кнут.

Як выціснуць дух увесь чыста,
Прызнаюць няздатным к труду,—
Прагоняць на шляхі цярністы,
Прагоняць на сьлёзы, бяду.

І пойдзе бядак нешчасьлівы,
Здароўя упякаўшы цьвет,
Праз цёмныя боры, праз нівы
З жабрацкаю торбаю ў сьвет.


Што?—дрэмлеш ужо ты, дзяўчына?
Ня сьпі, яшчэ штось прапяём!
Эй, шо там, каліна-маліна!
Запейма—пець лёгка ўдваём!