Старонка:Spadchyna.pdf/163

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 161 —

Чуць дух пераводзіць, зьліпаюцца вочы,
Яшчэ дабыла сіл, ды дзе больш дабыць?
Скасіліся ногі, ямчэй вецер скочыў,
Схіснулася, й з дзіцем і з хлебам ляжыць!


Ляжыць сярод поля шырокага,
Ў пасьцелі пуховай са сьнегу.
Спачні з дзіцянём, адзінокая,—
Вам лепшых ня знаці начлегаў!

Ня бойцеся! Ўтуліць ад холаду,
Спаўе, як пялёнкай, сьнег белы,
Зацягне вам песьню мяцеліца,
Воўк жальбай завые скалелы.

Але віхраў сьвісты магільныя
І воўчыя выцьці пад борам
Няхай ня пужаюць вас, бедныя,
Сваім нялюбым загаворам.

І неба хай гэта вас хмарнае
Ня страшыць сваёй цемнатою,
І доля вам гэта цяперашня
Хай вельмі ня здасца благою.

Ці-ж хаты для вас былі лепшымі
Як гэта сьнежная ніва?
Скажы ты мне, маці бязмужная,
Была-ж ты дагэтуль шчасьліва?

Жыла-ж з табой моладасьць ясная,
Вясёлыя песьні ці пела?
Былі-ж для цябе людзі добрымі,
Іх злосьць над табой не шалела?

Падумай, падумай, гаротная!
Я ў песьню пральлю твае думы,
І разам сьпяём гулкім голасам
Пад дзікай мяцеліцы шумы.