Старонка:Spadchyna.pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 158 —

Дарма рэзь стрымаць казачу
Войска шле Варшава,—
Шмат казацтва нацярпелась—
Бітва йдзе крывава.

Колькі выцекла крыві йшчэ,
Ня будзем казаці,
Бо крывёй сваёю роднай
Трэ’ было-б пісаці.

З долі-ж горкай Бандароўны
І з таей часіны
Засталіся толькі казкі,
Песьні ды ўспаміны.

24/VI—13 г.

|}


3ІМОЮ.

Калядная ночка ўвесь сьвет пакрывае,
Па белай ад сьнегу зямельцы снуе;
Мяцеліца ў полі сапе, завывае,
Сьвіст віхраў спакойна заснуць не дае.

У коміне вецер заціхнуць ня хоча,—
Заносіцца песьняй магільнай, дзікой;
То стогне, то плача, то дзіка рагоча,
Як быццам сьмяецца з нядолі людзкой.

Дарожкі і сьцежкі занесла віхура,
Ня знаць, дзе балота, дзе лог, дзе папар;
Воўк, выйшаўшы з лесу, скаголіць панура,—
Каб чым пажывіцца—пакінуў гушчар.

І сіняе неба ад зор ня рунее,
І месяц дзесь згінуў, ня ходзіць па ім,
Што хвіля, цямней ноч, мароз не вальнее,
Сьнег сыпле і сыпле, як прыскам якім.

Бяда падарожнаму гэткай парою
Дарогу вялікую перабываць,—
Як стой загавеціся можна душою,
Сьняжніца—засыпаць, зьвяр’ё—разарваць!