Старонка:Spadchyna.pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 157 —

Загадаў слаць да магілак
Сьцежку дыванамі
І пасыпаць дываночкі
Белымі цьвятамі.

Як панесьлі Бандароўну
На вечна хаваньне,—
Загадаў іграць музыкам
Сумнае іграньне.

Як спушчалі Бандароўну
На той сьвет вялікі,
То яшчэ сумней зайгралі
Панскія музыкі.

XII.

Пахавалі Бандароўну
У вянку і ў белі,
Толькі думак украінцам
Пахаваць ня ўмелі.

Шмат цярпець народ умее,
Ўмее-ж і памсьціцца,
Як дадзене вельмі крыўда,
Як зло разгасьціцца.

Весьць аб сьмерці Бандароўны
Скрозь пашла, як мора;
Зашумела Украіна—
Гора панам, гора!

Бандарэнка сходы кліча,
Ўсім аб крыўдзе кажа;
Войска сільнае зьбірае,
Роўна сіле ўражай,

Задымелі у пажарах
Панскія сялібы,
Палілася кроў ракою
На лугі, на скібы.