Старонка:Spadchyna.pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 159 —

Але вось у гэту рабінаву ночку,
Бач, нехта ня вытрываў, полем ідзе,
Руку апірае на тонкім кіёчку,
На плечах і сьпераду ношку нясе.

Хто гэткі шалёны ў такую завею
Пакінуў хацінку, ў дарогу пашоў?
Аж жутка на сэрцы, душа ажно млее:
Там з дзіцем кабета пляцецца дамоў!

Гістор‘я старая: Убогая дзеўка,
Пашла ў двор на службу для хлеба куска,
Пашла, паганяная гора прыпеўкай,
Ад хаты радзімай сьвятога кутка.

Семнаццаты год шоў прыгожай Ганулі,
Век самы, што толькі жыві. прыпявай!
Сам век, што ахвоціць да працы, да гуляў,
А што ўжо любіцца—на ўсё забывай.

На звадку для хлопцаў, на зайздрасьць дзяўчатам
Слыла паваблівай дзяўчынай яна,
І гэта-ж павабнасьць яе стала катам:
Скасіла, і радасьць і песьні спрытна.

О, моладасьць, моладасьць! Сколькі з табою
Прыгод падчас горкіх ідзе для людзей!
Ты сэрца узбурыш, гульнеш ты з душою,
Ты, ломячы думкі, кроў смокчаш з грудзей.

Я такжа, змагаючы долі завею,
Надзеі вялікія сьніў, будаваў,—
Ты-ж, моладасьць, мачыхай стала маею…
Эй, што гаварыці! Цябе я ня знаў!

Прыхільна дзяўчына на сьвет гэты боскі
Глядзела і верыла зьменным людзям;
От, знама, прастачка, дзіцё нашай вёскі,
Што з беднасьці, з невуцтва знаная нам.