Старонка:Spadchyna.pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 156 —

З руты-мяты ёй вяночак
Вілі у дамоўку,
Як карону каралеўне,
Клалі на галоўку.

Зьбілі з дошак габляваных
Белу дамавіну
І складалі ў ёй няшчасну
Забіту дзяўчыну.

Сьпіць сном вечным Бандароўна
І болей ня ўстане,
А над ёй пяюць старыя
«Вечна спачываньне».

XI.

Неспакоен пан Патоцкі
У сваёй правіне,
Што ўчыніў такую крыўду
Ні прашто дзяўчыне;

Хоча грэх свой чым загладзіць
І віны убавіць;
Бандароўну хоць па сьмерці
Думае праславіць.

Ён сьпяшыць на баль хаўтурны
Пыхай паганяны,
Шоўкам кажа абіваці
Гроб той дзераўляны;

Шоўку, золата, атласу
Браці, колькі хваце,
Кутасамі залатымі
Труну абчапаці.

Загадаў капаці яму,
Мураваці з муру,
Каб магілкі не размыла
Ні вада ні бура.