Старонка:Spadchyna.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 155 —

Праклінае сам самога
І такую ночку;
Кліча бацьку, кліча матку,
Каб забралі дочку.

Як прыходзіў Бандарэнка,
А з ім—Бандарыха,
Галасілі над дачушкай,
Галасілі сьціха,

Ой, ламалі свае рукі
Стары са старою:
—Налажылась, донька наша,
За ўсіх галавою!

X.

Забіралі бацька, маці
Родную дачушку,
Несьлі ціха, асьцярожна
Сваю мёртву служку.

Дзе йшлі з ёю, кроў чырвона
Капала паволі
І блішчала па ўсёй сьцежцы,
Як раса на полі.

Як прынесьлі Бандароўну
Да сьвятліцы новай,
Палажылі памаленьку
На лаве дубовай.

Прыбіралі, як да шлюбу,
Ў белю і вэлёны,
Запляталі буйны косы
Ў касьнікі чырвоны.

Пазлацістыя на пальцы
Персьцені ўзьдзявалі,
У замшовы чаравічкі
Ножкі абувалі.