Старонка:Spadchyna.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 136 —

Але Наталька ўгаварыла:
«Едзь! штось заробіш к жаніцьбе».—
Ну, як тут не паслухаць мілай!
І наш Машэка у жальбе

Па ненаглядненькай дзяўчыне
Паплыў з плытамі ў край чужы
Таей Дняпровай гладзьдзю сіняй
Ад роднай прадзедаў мяжы.

Зямля сябе у зелень скрыла,
Лес цёмны з ветрам гаманіў,
Зязюля век людзям лічыла,
А сонца цешылася з ніў.

Машэка плыў, марнеў з нягоды
Аддуху рэдка меў калі,
І думаў, каб хаця ўжо воды
Яго Дняпровы не змаглі.

VIII.

Ў дарозе шчасьце паручыла,
Загнаў да Кіева плыты,
Дамоў вяртаўся з новай сілай
Пабачыць родныя куты.

Натальку любую сустрэці,
Аджыць агнём яе вачэй,
Бо гэткіх вочак на ўсім сьвеце
Ён ня сустрэў ані ў ваднэй.

Сьпяшыць няўпынна, крок за крокам,
Мінае поле і лясы;
Зямлі сваёй жаданым вокам
Шукае, як канюх расы.

Штось каля Ўзьвіжаньня дабраўся
Дамоў з далёкай чужыны…
О, лепш-бы першай не даждаўся,
Як нарадзіўся ён, вясны!