Старонка:Spadchyna.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 135 —

VI.

О, шмат прыгожанькіх дзяўчатаў,
Старонцы нашай Бог прыдбаў!
Царэвіч ехаць мог-бы ў сваты
К ёй не аднэй, каб толькі знаў.

Душы і сэрцайка такога,
І тэй бязьмернай дабраты
Шукаці хіба толькі ў Бога,—
Ў другіх людзей ня знойдзеш ты.

На беларускую дзяўчыну,
Калі тут праўду ёй аддаць,
Ніхто йшчэ каменем ня кінуў
І не паважыцца кідаць.

Наталька ў вёсцы між сваімі
Найпрыгажэйшаю была,
Грудзямі, шчочкамі, вачымі,
Як мак між макамі цьвіла.

Павеўна, як дасьпелы колас,
Ішла наперад у танок,
З грудзей гарачых звонкі голас
Зьмяняда ў песьню—як званок.

Прыхільна хлопцы аглядалі
Яе павабны гібкі стан,
Дый толькі сьціха уздыхалі…
Адзін Машэка быў тут пан.

VII.

Той панства меў недаўгавечна,
Канаў пацехі час сьвяты:
Па Днепру выпала канечна
На Украіну гнаць плыты;

Машэку йкраз чарга папала.
Спачатку слухаць не хацеў;
Быць можа на яго-бы стала,
Бо не на жарты сілу меў,