Старонка:Spadchyna.pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
— 137 —

Бядак дачуўся ад суседаў,
Што ўжо Наталькі маладой
Не засталось даўно і сьледу,—
Як-бы Дняпровай сплыў вадой.

Сплыла і ўся яго надзея
Дажыць у радасьці жыцьцё.
Каханьне ў сэрцы гэтак сеяў,
А жаць прышлося пракляцьцё.

IX.

Непадалёк, дзе жыў Машэка,
Быў двор вялікі, а ў двары
Стаялі хорамы ад векаў
Над самым Днепрам, на гары.

Абведзен быў высокім мурам
Палац, як той астрог, кругом,
Столетні ліпы ўкруг панура
Стагналі ночаю і днём.

Баярын тамка жыў багаты,
Яшчэ лятамі малады,
Да сваевольства быў заўзяты.
Пасвойму час губляў з нуды.

Усюды броіў самазбродам,
Тварыў закон свой і свой суд
Над абнядоленым народам,
Што збыць ня меў сіл сваіх пут.

Паціху толькі ў вёсках людзі
Маркотну гутарку вялі
Аб крыўдах тых, што ім на грудзі
Праз пана каменем ляглі.

О, як адзін хто праз другога
Цярпіць, то йшчэ тут паўбяды,
Але ня скрыці ад нікога
Нам крыўды цэлай грамады!